www.racyja.by
14/11/2007
Сёння Юлія Шубянок і Ірына Садоўская скіравалі іск аб прычыненні маральнай шкоды крамай “Аркада” ў суд Чыгуначнага раёну Гомеля.
Як паведаміла Рацыі Юлія Шубянок, касірка супермаркета ў грубай форме патрабавала ў студэнтак паказаць змест жаночых сумак. На адказ дзяўчын, што пры ўзніклых падазрэннях гандлярка можа выклікаць міліцыю для правядзення вобшуку і асабістага дагляду, жанчына пачала абражаць студэнтак. На патрабаванне дзяўчын прадаставіць “Кнігу скаргаў і прапаноў”, нападкі ў бок Юліі і Ірыны працягнуліся. Гандляркі давялі студэнтак да слёз.
Паводле Юліі Шубянок, падобныя дзеянні супрацоўнікаў гэтай крамы назіраюцца не ўпершыню. Так, ахоўнік “Аркады” пастаянна патрабуе паказваць змест жаночых сумак. Варта дадаць, што ў супермаркеце практыкуецца змешаная сістэма абслугоўвання пакупнікоў. І пытанні наконт асабістых рэчаў узнікаюць і ў выпадку, калі разлік ажыццяўляецца непасрэдна на месцы знаходжання тавару.
Нагадаем, па беларускаму заканадаўству патрабаваць да агляду асабістыя рэчы маюць толькі супрацоўнікі праваахоўных органаў.