04/06/2008
ЗАЯВА
Шаноўная спадарыня Старшыня,
Лічу неабходным патлумачыць Вам сутнасць ганебных працэсаў, што адбываюцца ў беластоцкай студыі “Радыё Рацыя” з беларускімі журналістамі.
У мінулую пятніцу (16 траўня) ў беластоцкую кватэру, у мой пакой, ўварваўся фінансавы дырэктар Пётр Янкоўскі разам з бухгалтаркай, і безапеляцыйна заявіў, што я звольнены рашэньнем кіраўніцтва. Прычыну ён не паведаміў. З сабой Пётр Янкоўскі прынёс наяўнымі грашыма мой заробак за два з паловай месяцы (пры гэтым адзначу, што астатнім супрацоўнікам грошай не плацілі два месяцы). Ён прапанаваў мне без тлумачэнняў падпісаць паперы, у якіх я мусіў прызнаць, што прыношу шкоду “Радыё Рацыя”. Далей ён у досыць грубай форме прапанаваў мне пакінуць кватэру і з’язджаць з Польшчы. Заўважу, што момант выбраны быў досыць цынічна – пятніца, час перад выходнымі, калі чалавеку фактычна няма куды падзецца.
Натуральна, я ў адпаведнай форме прапанаваў Пятру Янкоўскаму пакінуць памяшканьне… і ў выніку ў рэзкіх выразах мы дамовіліся, што працягнем размову ў бюро. Мае калегі, дазнаўшыся пра сітуацыю (адзін з іх быў сведкам таго, як сп. Янкоўскі спрабаваў мяне вышпурнуць з кватэры, і паведаміў астатнім) сабраліся ў рэдакцыі. А 12-ай гадзіне таго ж дня мы (група журналістаў “Радыё Рацыя”) прымусілі кіраўніцтва правесьці не “ціхую расправу” асабіста са мной, а Агульны сход, дзе ўсе беларусы салідарна выклалі сваю пазіцыю. Так атрымалася, што літаральна напярэдадні (15 траўня) мы абмеркавалі ліст беларускіх палітыкаў, што быў дасланы на імя міністра замежных справаў Польшчы, пагадзіліся з ім, і прапанавалі сваіх кандыдатаў на пасады асобаў, якія могуць займацца эфірам радыёстанцыі (быў падпісаны Пратакол сходу журналістаў Радыё Рацыя - грамадзян РБ). Рэакцыяй на той Пратакол стала спроба майго звальненьня. Але група супрацоўнікаў (грамадзян РБ) ў Беластоку выказалася супраць. Ніякіх канкрэтных прычынаў майго звальненьня кіраўніцтва станцыі не прадставіла. Мяне публічна звінавацілі “у чорным пі-яры”, але доказаў не выклалі. Прэтэнзій па працы ў эфіры (а я працаваў у якасці вядучага музычных праграм) да мяне не было. Калегі выказалі сваё абурэнне, паколькі не разумелі сутнасць сітуацыі.
Гэтая пазіцыя калектыва выклікала нярвовую рэакцыю кіраўніцтва. Нам усім было АДКРЫТА ЗАЯЎЛЕНА, што любога можна звольніць з працы ПРОСТА ПА ЖАДАНЬНІ КІРАЎНІЦТВА, бо ТАА “Беларускі цэнтр інфармацыйны” (уладальнік Радыё Рацыя) – прыватная фірма, “вы не маеце права нікога выбіраць, і ніякі міністр не можа прызначаць тут іншых кіраўнікоў”. На наступны дзень маім калегам паўтарылі тое ж самае, нават у больш рэзкай форме - “гэта прыватная фірма, і калі б тут была НАРМАЛЬНАЯ ФІРМА (!), два тыдні ў эфіры проста гучала б музыка, а потым прыйшоў бы зусім іншы калектыў”. У сваю чаргу мы засяроджвалі ўвагу на тым, што “Радыё Рацыя” існуе НЕ на рэкламныя грошы, а на бюджэтныя, якія выдаткоўваюцца Міністэрствам замежных справаў для вяшчаньня за граніцу. Значыць, мусіць вяшчаць менавіта для людзей у Беларусі. Гэта – не камерцыйны, а цалкам грамадзка-палітычны праект.
Іначай кажучы, нам ясна далі зразумець, што ніякіх правоў тут мы не маем. Размова з кіраўніцтвам перарасла ў адкрытае супрацьстаяньне. Нашая пазіцыя – гэта патрабаваньне поўнай празрыстасці. Праз Пратакол мы прапанавалі сваіх кандыдатаў, але цяперашнія кіраўнікі – грамадзяне Польшчы, прадстаўнікі беларускай меншасці на Падляшшы - Яўген Вапа, Яраслаў Іванюк, Пётр Янкоўскі, Міхаіл Андрасюк – зноўку заявілі, што могуць звальняць журналістаў па сваім жаданні. Пры гэтым фактычна яны пагражалі звальненнем і іншым супрацоўнікам, калі тыя будуць задаваць шмат пытанняў. У апошнія дні на маіх калег, якія падпісалі Пратакол, неаднаразова спрабавалі ціснуць – “навошта вы гэта робіце”, “вы ж не ведаеце, што ён – агент КДБ…” Адзначу таксама, што пасля скандала ў дзень майго звальнення калегам адразу выплацілі зарплату (хоць дагэтуль кіраўніцтва сцвярджала, што грошай няма). А калі ліст у падтрымку кіраўніцтву даслалі і журналісты менскага офіса, грошы абацялі выдаць і ім.
На жаль, даводзіцца канстатаваць, што супрацоўнікі “Радыё Рацыя” у Беластоку юрыдычна абсалютна не абароненыя, і не вядома, да каго апеляваць. На пытанне, хто ў кіраўніцтве “Радыё Рацыя” абараняе правы грамадзян Беларусі, мы пачулі адказ “Дзмітры Новікаў”. Але ён, наколькі мне вядома, з’яўляецца праграмным дырэктарам зусім іншай радыёстанцыі – Еўрапейскае радыё для Беларусі. На “Радыё Рацыя” мы працуем па “Умовах аб працы”, якія складаліся і падпісваліся ўжо заднім чыслом. Кантракту (гадавога) не мае НІХТО з беларусаў. Абавязковай рэгістрацыі ў Польшчы (замэлдованя) з грамадзянаў Беларусі НІХТО не мае. Здараюцца выпадкі, калі журналісты працуюць па 10 і нават 15 дзён запар без выходных. Калі казаць пра маё звальненне, так калі б не салідарная пазіцыя супрацоўнікаў, яно адбылося б на працягу 15 мін. Пасля чаго я мусіў бы пакінуць тэрыторыю Польшчы. Пры гэтым праз скайп менскім супрацоўнікам радыё было заяўлена, што “нічога не адбываецца, ніякіх праблем на станцыі няма”.
Даводжу да вашага ведама таксама, што па патрабаваньні спадара Яраслава Іванюка з навінаў з фразы “Заставайцеся з намі на вольнай хвалі” ужо выключаныя словы “… на вольнай хвалі”. У навіны прыказана абавязкова ўключаць “інфармацыю пра падзеі з Беластока”. Музычнаму рэдактару загадалі ўключаць у плэй-ліст больш падляскіх псэўда-хітоў, якія для нашага патэнцыйнага слухача ў Гародні і Берасці выглядаюць проста смешна. Грамадска-палітычны блок, якія фармаваўся менскімі журналістамі, практычна знік з эфіру пасля разгрому менскага офіса спецслужбамі 27 сакавіка. Аўтарскія праграмы , за выключэннем некаторых забаўляльна-музычных, не прадукуюцца, і кіраўніцва станцыі не можа вызначыцца, ці трэба іх аднаўляць і ў якой форме. Адметна, што беластоцкія журналісты, грамадзяне Польшчы, наогул не рабілі аўтарскіх праграм грамадска-палітычнага зместа, а выключная тыя, што цікавяць дыяспару.
Радыё у сваім цяперашнім выглядзе не можа прарваць інфармацыйную блакаду ў Беларусі. І нават не збіраецца гэта рабіць. Аднак мы прыязжджалі ў Беласток з пэўнай місіяй, і першапачаткова нас запрашалі для працы над выключна агульнабеларускімі тэмамі, а не рэгіянальнымі. Большасць вядучых, якія зараз працуюць у эфіры, не прафасіяналы і гавораць з моцным акцэнтам. Пры гэтым кіраўніцтва станцыі скардзіцца на тое, што “у Беласток ніхто не хоча ехаць работать”, але насамрэч маіх калег проста выціскаюць рознымі спосабамі. Не заўсёды гэта адкрыты канфлікт, як у маім выпадку, але людзям ствараюць невыносныя ўмовы – і матэрыяльна, і псіхалагічна.
Прашу Вас і Беларускую Асацыяцыю журналістаў умяшацца ў гэтую сітуацыю.
Ад сябе асабіста хачу падзякаваць спадарам Д. Дашкевічу, І. Рынкевічу і А. Міхалевічу за іх прынцыповую пазіцыю і сваечасова ўзнятую праблему.
З павагай, А. Буракоў