www.racyja.by
25/06/2008
Сёння ў судзе Мінскага раёна і горада Заслаўя працягнуўся разгляд справы аб “жывым шчыце”.
Пракурор папрасіў суд прызнаць супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага раёна Мінска вінаватымі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, што прынесла пагрозу жыцця грамадзян, і пакараць 2 гадамі ўмоўна кожнага.
У сваю чаргу абарона пацярпелых настойвае на пакаранні ў выглядзе пазбаўлення волі.
А вось Васіль Тулякоў, адвакат супрацоўнікаў ДАІ, што арганізавалі “жывы шчыт”, заявіў, што ва ўсім вінавата прэса. На ягоную думку, празмерная ўвага СМІ да гэтага здарэння не дазволіла правесці аб’ектыўнае следства па гэтай справе. У прэсе з’яўляліся інтэрв’ю з Раманам Менцюком, пацярпелымі, але ніхто не дадумаўся патэлефанаваць следчым. Такім чынам, лічыць адвакат, у грамадстве стараннямі журналістаў быў створаны негатыўны імідж супрацоўнікаў ДАІ як прадстаўнікоў улады, то бок іх яшчэ да суда зрабілі вінаватымі.
Прысуд па гэтай справе будзе абвешчаны заўтра, 25 чэрвеня, а 14-й гадзіне. У адносінах яшчэ дваіх супрацоўнікаў ДАІ справа спыненая.
Нагадаем, 2 сакавіка падсудныя па гэтай крымінальнай справе, супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёна Мінска Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч, а таксама два іх калегі ўдзельнічалі ў затрыманні на трасе Мінск - Мікашэвічы п'янага вадзіцеля Рамана Менцюка, які ехаў у бок сталіцы з хуткасцю 160 кіламетраў за гадзіну. Каб спыніць парушальніка, супрацоўкі ДАІ выставілі на яго шляху заслону з некалькіх машын, у якіх знаходзіліся людзі - пяцёра дарослых і дзіця. Дарагакупец і Ліхтаровіч абвінавачваюцца ва злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 1 арт. 424 Крымінальнага кодэкса).