07/05/2007
У Гомелі дэмакратычна скіраваная моладзь зьбірае подпісы супраць законапраекта па скасаваньні шматлікіх ільготаў. На сёньняшні дзень колькасьць падпісантаў складае 250 чалавек.
6 красавіка ў Піянэрскім скверыку маладзёвыя актывісты сабралі блізу 100 подпісаў грамадзянаў і распаўсюдзілі інфармацыйныя матэрыялы па праблеме скасаваньня ільготаў інвалідам, ліквідатарам аварыі на ЧАЭС, студэнтам ды іншым катэгорыям насельніцтва. Нагадаем, дадзены законапраект зараз знаходзіцца на разглядзе дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў. Галасаваць па ім дэпутаты зьбіраюцца ўжо ў гэтую сэсію.
Паводле ўдзельнікаў акцыі, жыхары Гомеля выказваюцца супраць дадзенай ініцыятывы і даюць свой подпіс ахвотна. Звычайна толькі 1 чалавек з 20 не згаджаўся падпісвацца пад зваротам да парлямэнтарыяў. Аднак інфармацыйныя матэрыялы чыталі зь цікавасьцю і тыя, хто адмовіліся.
Плянуецца, што ў бліжэйшыя дні збор подпісаў працягнецца. Наступным крокам маладзёвых актывістаў стане скіраваньне звароту ў палату прадстаўнікоў.