29/10/2007
28 кастрычніка прадстаўнікі дэмакратычнага руху зладзілі акцыю-рэквіум, прысвечаную ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Падчас мерапрыемства актывісты АДС усклалі вянкі, кветкі і ўсталявалі помны камень.
Распачалася акцыя а 10 раніцы каля заводу Крышталь. Працэсія рушыла да месца масавых пахаванняў, якое знаходзіцца на 9 км Чарнігаўскай шашы. Каля крыжа, усталяванага рашэннем гарадскога савета, прадстаўнікі дэмакратычнага руху ўсклалі кветкі і вянок. Пасля кіраўнік Гомельскага аргкамітэта па стварэнні руху “За свабоду” Уладзімір Кацора прапанаваў прайсці да ўрочышча Тры слупы і Боркі. Тут улетку былі знойдзеныя парэшткі людзей. Мяркуецца, што гэта ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Ва ўрочышчы актывісты АДС усталявалі помны камень з надпісам “Пакутнікам тваім, Беларусь”, а таксама ўсклалі кветкі і вянок.
У акцыі паўдзельнічала каля 50 чалавек. Падчас усяго мерапрыемства актывсітаў здымалі на відэакамеру невядомыя ў цывільным.



