www.racyja.by
19/11/2007
Міліцыянты затрымалі 25 чалавек. Большасць з іх - школьнікі.
Падзеі разгортваліся на плошчы Леніна. На падыходзе да запланаванага месца правядзення акцыі супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі маладзёнаў. Ва ўдзельнікаў былі канфіскаваныя плакаты з надпісам “Не – адмене льготаў”. Разам з маладзёнамі міліцыянты затрымалі сябра мясцовай суполкі БНФ Юрася Чаранкова, які знаходзіўся ў 500 метрах ад месца падзеі.
Групу затрыманых даставілі ў міліцэйскі пастарунак у 16.00. Міліцыянты парушылі заканадаўства, пратрымаўшы няпоўнагадовых больш за гадзіну з моманту затрымання. У дзяцей здымалі адбіткі пальцаў, выпытвалі пра арганізатараў акцыі і фатаграфавалі. Таксама ў пастарунак былі выкліканыя дырэктары школаў, у якіх вучацца затрыманыя дзеці.
Начальнік аддзела па ахове правапарадку падпалкоўнік Гвоздзь сказаў бацькам непаўналетніх удзельнікаў акцыі, што Юрась Чаранкоў атрымаў за яе планаванне 500 долараў, з якіх па 5 тысячаў рублёў заплаціў дзецям. Паводле словаў актывіста БНФ, міліцэйскае кіраўніцтва папярэдзіла, што ён на сваім заводзе больш не працуе. Людзі ў цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, пагражалі сыну Чаранкова праблемамі ва ўніверсітэце.
Апошняга затрыманага адпусцілі ў 20.30.