www.racyja.by
03/12/2007
Жыхар Гомеля падрыхтаваў заявы ў міліцыю і пракуратуру з патрабаваннем прыцягнуць да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці невядомых асобаў, якія размясцілі 1 лістапада паклёпніцкі артыкул “Есть еще и такие «борцы» среди нас” на інтэрнэт-рэсурсе “Информбюро”. У дадатках да заяваў прыкладзеныя тэкст артыкула, а таксама ксеракопіі 4 дакументаў з БелДУТа, якія сталіся падставай для напісання матэрыяла. Заяўнік патрабуе ад пракуратуры знайсці аўтара дадзенага артыкула, прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці і праверыць, якім чынам дакументы з БелДУТа трапілі да аўтараў публікацыі.
Матэрыял “Есть еще и такие «борцы» среди нас” прысвечаны рэгіянальнаму актывісту Сяргею Сямёнаву. Маладзён, як вынікае з ананімнага твору, вядзе “теневую деятельность, вешает на уши молодежи правозащитную лапшу...”. Для абгрунтавання сваіх высноваў невядомы аўтар прыводзіць некалькі архіўных дакументаў з універсітэта, у якім вучыўся Сямёнаў. Напрыклад, у адсканаванай заяве, датаванай 2004 годам за подпісам дэкана Электратэхнічнага факультэта БелДУТа, змяшчаецца дазвол на вольнае наведванне заняткаў на перыяд правядзення парламенцкіх выбараў. Сам Сяргей Сямёнаў сцвярджае, што падчас выбарчай кампаніі ён такога дазволу не атрымліваў.
“Падобныя матэрыялы ў дачыненні да гомельскіх дэмакратаў перыядычна з’яўляюцца на створаных нядаўна сеціўных рэсурсах http://www.mybelarustoday.com . і http://info-com.info/ . Мэта ананімных публікацыяў – дыскрэдытацыя рэгіянальных лідэраў. Можна толькі здагадвацца, якія структуры замаўляюць такія артыкулы ”, - заявіў Сямёнаў.
Актывіст спадзяецца, што пракуратура і міліцыя аператыўна адрэагуюць на яго заяву і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.