www.bulletinonline.org
25/06/2008
Раней абмеркаванні гэтай жа тэмы прайшлі ў Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласных радах, а таксама ў Віцебскай і Гродзенскай гарадскіх – ніхто не спяшаецца падтрымаць Сойм.
Як вядома, Сойм Партыі БНФ 14 чэрвеня выключыў з партыі Алеся Міхалевіча, намесніка партыйнага старшыні. Нагадаем, што Сойм – цэнтральны кіруючы орган гэтай партыі ў перыяды паміж яе з’ездамі, а ў абласных партыйных арганізацыях аналагічнымі органамі з’яўляюцца рады.
Паседжанне Гомельскай абласной Рады прайшло ў Рэчыцы. Пры галасаванні аб тым, ці падтрымаць рашэнне Сойму пра выключэнне Міхалевіча, галасы "за" і "супраць" падзяліліся пароўну. Таму Рада пастанавіла не выказваць пакуль свайго меркавання на гэты конт, а запрасіць у кіраўніцтва партыі "факты і доказы парушэння спадаром Міхалевічам Статута партыі". Раней абмеркаванні гэтай жа тэмы прайшлі ў Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласных радах, а таксама ў Віцебскай і Гродзенскай гарадскіх; ніводная з гэтых структураў не прыняла пастанову аб падтрымцы рашэння Сойма.
Нагадаем, што летась на з’ездзе Партыі БНФ пры выбарах партыйнага старшыні галасы дэлегатаў размеркаваліся амаль пароўну паміж А.Міхалевічам і В.Вячоркам, які ўзначальваў партыю дагэтуль. У выніку ніводны з іх не набраў належнай колькасці галасоў, і ў якасці кампрамісу старшынём абралі Лявона Баршчэўскага.