www.belpa.org
02/07/2008
З пачаткам кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыцянальнага сходу Беларусі ў краіне ўзмацніліся захады ўладаў, накіраваныя супраць апанэнтаў дзейнага кіраўніцтва дзяржавы, асабліва ў дачыненьні да тых, хто заявіў альбо пра намер балятавацца ў парлямэнт, альбо браць удзел у назіраньні за выбарчай кампаніяй. Нягледзячы на тое, што афіцыйна кампанія цягнецца яшчэ менш за тыдзень, прыкладаў уціску на дэмакратычнах актывістаў ужо даволі багата.
Ад 1-га ліпеня страціў працу актывіст Партыі БНФ і руху “За свабоду” Алесь Мех з гораду Кобрына, што на Берасьшейшчыне, які быў унесены ў адзіны сьпіс ста дзесяці патэнцыйных кандыдатаў на дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Алесь Мех мае дзьве вышэйшыя адукацыі – ён скончыў Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, а таксама Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Да 30-га чэрвеня ён быў супрацоўнікам Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз”. 6-га чэрвеня Алеся Меха выклікалі да кіраўніцтва прадпарыемства і ў прысутнасьці прадстаўніка Камітэта дзяржаўнае бясьпекі папярэдзілі, што калі той ня выйдзе са сьпісу 110 кандыдатаў ад АДС, то праз тры тыдні кантракт з ім будзе скасаваны. Актывіст адмовіўся, і ад сёньняшняга дня ён беспрацоўны.
Як мы паведамлялі, 30 чэрвеня на 7 сутак адміністратыўнага арышту быў асуджаны намесьнік старшыні арганізацыі “Маладыя дэмакраты” (моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі) Міхаіл Пашкевіч, якога абвінавацілі ў стандартнай лаянцы матам у грамадзкім месцы. У дзень затрыманьня Палітычная рада АГП вылучыла Міхаіла Пашкевіча назіральнікам ад партыі ў Цэнтральную выбарчую камісію. Цяпер у любы момант актывіст, асуджаны ў красавіку бягучага году на два гады абмежаваньня волі па месцы жыхарства за ўдзел у студзеньскай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, можа быць рэальна пазбаўлены волі й накіраваны ў калёнію, таму, магчыма, наўрадці маладзён зможа працаваць у ЦВК.
Днямі суд Маскоўскага раёну беларускай сталіцы асудзіў на дзесяць сутак адміністратыўнага арышту і аштрафаваў на 1 мільён 50 тысяч рублёў сябра Беларускага Хэльсінскага камітэту Эдуарда Баланчука з гораду Маладзечна, якога затрымалі каля менскай сядзібы БХК, дзе мелася адбыцца нарада па маніторынгу парламэнцкіх выбараў. На праваабаронцу былі складзеныя пратаколы за непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў, а таксама за дробнае хуліганства – зноў жа ў справе фігуравала лаянка матам у грамадзкім месцы.
За тое ж самае на дзесяць сутак адміністратыўнага арышту судзьдзёй суда Цэнтральнага раёну Менску Тацьцянай Паўлючук быў асуджаны актывіст кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель. З улікам таго, што актывіст яшчэ два месяцы таму быў асуджаны на сем сутак завочнага арышту за ўдзел у адзначэньні Дня Эўропы 1-га траўня ля будынку Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску, Яўгену Афнагелю давядзецца правесьці за кратамі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, што на сталічнай вуліцы Акрэсьціна, сямнаццаць сутак.
У Берасьці на 70 тысяч рублёў аштрафаваны актывіст кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Іван Стасюк толькі за тое, што зьбіраў подпісы грамадзянаў за ўступленьне Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз. А ў Баранавічах Берасьцейскае вобласьці ўлады наўпрост узяліся за прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса, які выказаў жаданьне балятавацца ў парлямэнт ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Супраць яго пачалася траўля ў мясцовай дзяржаўнай газэце, а да самога бізнесоўца шэрагам пацягнуліся рознага кшталту камісіі ды кантралёры.
Што да саміх праваабаронцаў, якія сабраліся ладзіць маніторынг выбараў і назіраньне за ходам парламэнцкае кампаніі, то адразу пасьля таго, як яны заявілі пра свой намер, атрымалі позвы ў падаткавыя інспэкцыі, прычым ня толькі самі актывісты, але і ўсе іх блізкія і сваякі. Гаворка ідзе пра кіраўніцтва Беларускага Хэльсінскага камітэту, а таксама незалежных праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча ды іншых.
Як падкрэсьлівае віцэ-прэзыдэнт Міжнароднае Фэдэрацыі Правоў Чалавека Алесь Бяляцкі, “першыя эпізоды, якія адбыліся літаральна на апошнім тыдні, вельмі моцна дысануюць з тымі словамі, якія так легкадумна прамовіў Лукашэнка – ён абвясьціў пра тое, што выбары будуць праведзены проста ўзорна, яны будуць узорам ня толькі для эўрапейскіх краінаў, але й для Расеі, але пакуль ягоныя словы вельмі моцна разыходзяцца зь дзеяньнямі ўладаў”.
Алесь Бяляцкі нагадаў маючыя апошнім часам месца выпадкі выкліку ў ваенкаматы моладзевых актывістаў не залежна ад іх стану здароўя, а таксама абмежаваньні перасоўваньня вучнёўскае моладзі, прыкладам чаму ёсьць нядаўняе зьняцьцё зь цягнікоў некалькіх маладзёнаў пры пераезьдзе іх празь беларускую мяжу. Прынамсі, некаторым маладым людзям, якія навучаюцца па вядомай праграме Каліноўскага ў Польшчы, днямі паведамлена пра забарону ім пакідаць межы Беларусі.
Па словах Алеся Бяляцкага, “усё гэта складаецца ў такі ня надта добры пачатак агульнай сытуацыі падчас выбарчай кампаніі, якая фактычна ўжо пачалася”.
Як адзначае палітоляг Аляксандар Класкоўскі, “калі перафразаваць вядомы рэклямны слёган – імідж нішто, а прага да ўлады гэта ўсё”.
“То бок, дзеля захаваньня ўлады, кантролю над палітычнай сытуацыяй у краіне ўлада будзе дзейнічаць звыклымі мэтадамі, - мяркуе публіцыст. - І вось гэтыя зачысткі, кропкавыя рэпрэсіі (таму што адрасаты бачныя – гэта людзі, ангажаваныя ў парлямэнцкую кампанію) - гэта будзе непазьбежна назірацца, і чым бліжэй да выбараў, тым часьцей”.
На думку Аляксандра Класкоўскага, рэпрэсіўная машына ў Беларусі набрала такі ход, што дзеля канкрэтных захадаў ужо не патрэбныя санкцыі найвышэйшага кіраўніцтва краіны. “Ня трэба думаць, што ў кожным выпадку з самага “верху” ідзе сігнал, што вось гэтага схапіць, таго пасадзіць на 15 сутак, - адзначае палітоляг. - Проста ўсе структуры ўжо адмыслова заточаныя, яны ведаюць, што за гэты перагін іх ня будуць бэсьціць “наверсе”, што лепей перастарацца. Таму тут яшчэ тупая машына рэпрэсій працуе паводле сваёй рэпрэсіўнай лёгікі”.
Алесь Бяляцкі падкрэсьліў, што асноўная задача праваабаронцаў сёньня – фіксаваць усе мажлівыя парушэньні правоў чалавека, удзельнікаў выбарчае кампаніі й назіральнікаў, каб потым даць аб’ектыўную адзнаку таму, што завецца кампаніяй па выбарах дэпутатаў так званага парламэнта Беларусі.